26 красавіка ўлады Кіева распачалі тэрміновую эвакуацыю двух бальніц, у тым ліку дзіцячай. Гэта здарылася адразу пасля прамовы кіраўніка КДБ Рэспублікі Беларусь Івана Церцеля з трыбуны «Усебеларускага народнага сходу», у якой ён
заявіў пра знаходжанне там тэрарыстаў, і, фактычна, анансаваў атакі па гэтых будынках. І пакуль Аляксандр Лукашэнка яшчэ часамі «гуляецца» ў міратворцу, яго функцыянеры ўжо перасталі саромецца.
Лукашэнкаўскі рэжым перастаў прыкрывацца добрымі намерамі і канчаткова скінуў «авечую шкуру». У вачах краінаў Еўропы вобраз Беларусі імкліва і беспаваротна падае на дно. Ад даўна існуе кляймо «апошняй дыктатурай Еўропы», а з 2020-га года нашая краіна пачала асацыявацца з беззаконнасцю і гвалтам да мірных пратэстоўцаў. Пасадка самалёта Ryanair у траўні 2021-га паказала, што палітычная сітуацыя ў Беларусі – не толькі праблема беларусаў. Для Еўрапейскага Саюза гэта стала сігналам, што рэжым Лукашэнкі небяспечны не толькі для нас, але і для краінаў-суседак. На жаль, адным самалётам усё не скончылася.