Навошта табе курс па дыпламатыі: пяць прычын ад Паўла Мацукевіча
2024
27 сакавіка — дэдлайн падачы на другі набор Акадэміі новай беларускай дыпламатыі. Мы ведаем, што ў цябе ўсё яшчэ могуць быць сумневы: навошта ў нашых умовах атрымліваць дадатковую адукацыю ў гэтай сферы? Таму мы папрасілі Паўла Мацукевіча — былога дыпламата, аднаго з арганізатараў і эксперта праграмы — растлумачыць, чаму ад гэтага ёсць карысць ужо сёння.

Акадэмія новай беларускай дыпламатыі дае магчымасць развіць пяць здольнасцяў, карысных незалежна ад профілю дзейнасці, асабліва — у сферах, звязаных з міжнароднымі адносінамі.

1. Крытычна думаць

Гэта, бадай, адзіны надзейны сродак абароны ад інфармацыйных маніпуляцый. У аснове праграмы — курс лекцый пра розныя аспекты знешняй палітыкі Беларусі. Ягоны сэнс — папоўніць магчымыя прабелы ведаў аб нацыянальнай дыпламатыі, дапамагчы сфармуляваць непалітызаванае ўяўленне пра яе, яе мэтах і сэнсах, якое базуецца на фактах, а не на прапагандзе. Інтэрактыў у выглядзе розных фарматаў дыскусій дазволіць патрэніравацца ў фармуляванні і аргументаванні розных пазіцый па тых ці іншых пытаннях з міжнароднага парадку дня Беларусі — сваёй, процілеглай або нават узаемавыключальных.

2. Пісьменна даносіць свой пункт гледжання

І пісьмова — у эсэ, і вусна — у публічным выступе. Тэхналогіі пісьмовага і вуснага прасоўвання інфармацыі, пазіцыі або пункту гледжання розныя, але прынцып, увогуле і цэлым, адзіны: не так важна што, а важна як. Хоць нас цікавяць якраз сэнсы.

3. Рабіць добрае ўражанне

Правілы паводзінаў і патрабаванні да знешняга выгляду перажылі мноства спробаў іх адмяніць. Свет па-за межамі асабістай прасторы па-ранейшаму поўны умоўнасцяў і пагардаў імі — гэта найлепшы спосаб зрабіць пра сябе дрэннае ўражанне. Сустракаюць ўсё яшчэ па знешнім выглядзе, праводзяць — верагодна, па розуме, але да гэтай стадыі – стадыі дэманстрацыі свайго розуму і унікальных звышздольнасцяўі — яшчэ трэба дайсці. Знешні выгляд і манеры могуць дапамагчы ў гэтым, а могуць, наадварот, зачыніць перад самым носам жаданыя дзверы.
4. Уплываць на імідж Беларусі

У Беларусі ёсць негатыўны міжнародны імідж, на які складана, але ўсё ж можна ўплываць. Беларусь — гэта мы і кожны(ая) з нас паасобку. Праз свой вопыт і ўражанні ад узаемадзеяння з намі ў замежных партнёраў складваецца альтэрнатыўны вобраз краіны і людзей. Калі падняцца на ўзровень прафесійнай беларускай дыпламатыі, то і ў ёй стала больш інстытуцыйных актараў, а значыць больш магчымасцяў уплываць і змяняць імідж да лепшага.

5. Беларусамі звацца

У гэтым пункце мы паглыбляемся ў сферу культурнай дыпламатыі, адкрытай для ўсіх і кожнага(ай), але асабліва важнай менавіта для Беларусі. Наша краіна ўнікальная ў тым, што нацыянальных культурных каштоўнасцяў на радзіме менш, чым за яе межамі. Самае меншае, пра што можна казаць, гэта пра страту 90% сваіх культурных каштоўнасцяў. Важна вярнуць іх хаця б у выглядзе права называць беларускім тое, што ў свеце прынята лічыць толькі польскім, літоўскім ці яшчэ нечым. Без гэтага не аднавіць уласную гісторыю і не адказаць на вечныя беларускія пытанні, хто мы і дзе наша месца. І калі табе цікавыя адказы на іх, то табе да нас у Акадэмію.