Як прайшла афлайн-частка Акадэміі новай беларускай дыпламатыі
2023
Цэнтр новых ідэй зладзіў адукацыйны курс, прысвечаны знешняй палітыцы Беларусі: Акадэмію новай беларускай дыпламатыі. Навучанне складалася з афлайн- і анлайн-сесій. Спачатку цягам 17 анлайн-заняткаў удзельнікі вывучалі, як фармавалася і што сабой уяўляе цяпер знешняя палітыка Беларусі, а падчас двухдзённай афлайн-сесіі адпрацоўвалі навыкі, каб прасоўваць беларускую павестку ў міжнародным асяроддзі.

У мінулым тэксце мы распавядалі пра анлайн-частку навучання, цяпер — час больш падрабязна даведацца пра афлайн-сесію. Калі мэтай у анлайн было даць акадэмікам веды па абазначаных тэмах, то ў афлайне ЦНІ хацеў даць будучым дыпламатам практычныя навыкі, якія маглі б быць карысныя ў іх працы.

— Цяпер сфера дыпламатыі вельмі шырокая, — адзначае спікер і адзін з арганізатараў Акадэміі Павел Мацукевіч. — Яна не абмяжоўваецца стасункамі выключна паміж дзяржавамі, а датычыцца ўсяго нашага жыцця: адносінаў паміж суполкамі, арганізацыямі, людзьмі. Удзельнікі ўразілі мяне сваёй актыўнасцю і гатоўнасцю марнаваць час на гэтую тэму. Хацелася б, каб у сферу прыходзілі адукаваныя людзі: сістэма адукацыі ў Беларусі не выбудаваная належным чынам, а запыт на спецыялістаў у сферы міжнародных стасункаў ёсць.


Таму калі падчас анлайну я стараўся накіраваць акадэмікаў на разважанні, крытычнае мысленне, здольнасць хутка шукаць інфармацыю, працаваць у групах, то падчас афлайн-лекцыі мы канцэнтраваліся на практыцы.
Адным з такіх блокаў стаў майстар-клас дырэктаркі Цэнтра новых ідэй Лесі Руднік, як зладзіць паспяховы публічны выступ з практычным разборам кейсаў. Акадэмікі праслухалі, як структураваць прамову, з якім тэмпам гаварыць падчас яе, як трэба працаваць з замоўцамі і разумець сваю аўдыторыю, як знешне афармляць прэзентацыю і паводзіць сябе падчас самога выступу.

— Для мяне было першасна данесці, што публічная прамова — гэта не нейкая мадэль ці тэхніка, зразумеўшы якую мы можам проста выкарыстоўваць яе ў розных сітуацыях і атрымаць паспяховы вынік, — кажа Леся. — Усе мае парады былі накіраваныя на тое, каб глядзець на прамову як на гнуткую рэч, і даць інструменты, якія маглі б дапамагчы людзям у любой сітуацыі, дзе ім трэба рабіць гэтую публічную прамову. Гэта важна, бо дыпламаты, палітыкі і публічныя асобы часта павінныя даносіць сваю пазіцыю ў публічнай прасторы — значыць, яны павінны добра аргументаваць, ведаць сваю аўдыторыю, знаходзіць важныя падыходзячыя словы, тлумачыць, калі трэба. Мне падалося, што ўсе акадэмікі задавалі рэлевантныя пытанні, уважліва слухалі, вельмі якасна зрабілі аналіз публічных выступаў беларускіх палітыкаў. Таксама я заўважыла, што ў двух людзей з’явіліся (я падпісалася на іх у інстаграм) спецыяльнае святло для зумаў: гэта адна з рэчаў, якую я ўзгадвала як знешняе афармленне падчас прэзентацыі і выступу.
У той жа дзень акадэмікі маглі адпрацаваць веды, атрыманыя падчас лекцыі Лесі, у дэбатах. Яшчэ напрыканцы анлайн-часткі ўдзельнікі і ўдзельнікі разбіліся на групы і мусілі паслядоўна адстойваць адну з пазіцый: захаванне каналаў камунікацыі ці ціск ізаляцыяй— якая тактыка больш эфектыўная ў дачыненні да аўтарытарных рэжымаў?

Каб зразумець, што такое новая беларуская дыпламатыя на практыцы, удзельнікі паслухалі тых, хто ўжо мае досвед прасоўвання беларускай павесткі замяжой. Гэта журналісты Ганна Любакова і Яўген Андрэйчык, спецыяльны дарадца Святланы Ціханоўскай па выбарах і яе прадстаўнік у кантактнай групе Рады Еўропы Аляксандр Шлык і прадстаўніца Каардынацыйнай Рады Паліна Бродзік. Тэорыі і практыцы перамоваў акадэмікаў вучыў старшыня Рады Цэнтра новых ідэй Антон Раднянкоў: спачатку ён пазнаёміў з тэорыяй перамоў, а затым прапанаваў разбіцца на пары і папрактыкаваць гэты навык.

Удзельнік Акадэміі новай беларускай дыпламатыі, былы дыпламат пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі ў Жэневе, юрыст-міжнароднік Іван Жук падзяліўся, што нягледзячы на ягоны досвед, шмат момантаў у курсе было для яго актуальным.

— Праграма афлайну выглядала якасна прапрацаванай, лагічнай, — распавядае ён. — Мне спадабалася ўдзельнічаць у дэбатах, я ніколі не браў удзел у такога кшталту фармаце. Карыснымі былі лекцыі па прамове ад Лесі Руднік і перамовах — ад Антона Раднянкова. У мяне ёсць практычны досвед у гэтых тэмах, а вось паглыбіцца метадалагічна было карысным. Метадалагічная частка перамоваў — вялікая тэма, якая была пададзеная вельмі лаканічна за той час, што ў нас быў. Адзінае, я б дадаў на будучыя праграмы блок па шматбаковай дыпламатыі, бо цяпер рэжым выкарыстоўвае для прасоўвання сваіх наратываў менавіта шматбаковыя пляцоўкі, таму варта арганізаваць адпаведны супраціў.

Таксама для мяне адной з галоўных рэчаў быў нэтворкінг: важна разумець, каму можна адрасаваць свае прапановы, якія ў нас ёсць рэсурсы. Цудоўна проста слухаць людзей з іншым досведам і разуменнем кантэксту.
Напрыканцы акадэмікі перайшлі да чыстай практыкі: яны прэзентавалі ментарам і ментаркам свае праекты, якія звязаныя з прасоўваннем Беларусі за мяжой. Пасля фідбэку і дапрацоўкі ідэі запітчылі перад усёй аўдыторыяй акадэмікаў.

— Я быў пазітыўна ўражаны, што ў акадэмікаў нарадзілася столькі цікавых ідэй, — распавядае Павел Мацукевіч. — Большасць з іх былі добра прапрацаваныя, хаця іх можна было крытыкаваць — чым мы і займаліся. Вялікая частка праектаў былі мэйнстрымнымі ідэямі ў напрамку, куды рушыць дэмакратычная думка: мас-медыя, палітзняволеныя. Частка акадэмікаў, як мне падалося, не ўлічыла фактар, што пасля 2020 году трэба змяняць інструменты і метады, каб данесці інфармацыю да замежнай аўдыторыі. Таму мы рабілі прапановы, як зрабіць лепш, а далейшая рэалізацыя будзе залежыць ад іх.
Удзельніца Акадэміі Лізавета Даўгулевіч, сакратарка знешніх сувязяў ЗБС, адзначае, што ёй было важна пачуць фідбэк на свой праект: кнігу, якую яна будзе рабіць сумесна са сваёй арганізацыяй. Яна будзе распавядаць у першую чаргу замежнікам і замежніцам пра дыскрымінацыю ў беларускай адукацыі, чаму ў краіне адсутнічаюць акадэмічныя свабоды.

— Я пачула ад спікераў і спікерак, што яны б хацелі бачыць у гэтай кніжцы, што можна палепшыць, каб чытачы зразумелі заклік да дзеяння, — адзначыла яна. — Напрыклад, мне прапанавалі зрабіць храналогію падзей у Беларусі, якія ўскладнялі сітуацыю, каб быў больш зразумелы кантэкст. Карысным было пачуць, што ў першай кніжцы, якую я рабіла пра студэнтаў, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь, не хапіла заклікаў да дзеяння, як дапамагчы студэнтам, якія з’ехалі з Беларусі. Таксама мяне ўжо запрасілі ўдзельнічаць у некаторых праектах іншыя акадэмікі. Што датычыцца праграмы афлайн агулам, тэмы былі падабраныя добра, каб абмяркоўваць іх. Напрыклад, мы абмяркоўвалі публічныя выступы, таму мне трэба было бачыць спікерку, як яна сябе паводзіць, каб потым браць нешта сабе. Затым мне спадабалася практычная частка ад Паўла пра этыкет: я нідзе не бачыла і не чула такіх курсаў, каб пракачаць, як сябе паводзіць на афіцыйных сустрэчах і ў дыпламатычных стасунках, хаця гэта тое, што будучым дыпламатам Беларусі неабходна.
Наступны набор на Акадэмію новай беларускай дыпламатыі, якая ладзіцца Цэнтрам новых ідэй у супрацы з Фондам Эберта, распачнецца ў пачатку 2024 году. . Сачыце за абвесткамі на нашым сайце.
Запісацца ў Акадэмію
Бліжэйшы набор плануецца ў лістападзе 2023. Пакіньце ваш e-mail і мы дашлем вам запрашэнне падчас прыёма заявак.