Максім Зафранскі займаецца міжнароднай працай у ЗБС. Таму ўзімку вырашыў набраць патрэбных ведаў і навыкаў і пайсці вучыцца ў Акадэмію новай беларускай дыпламатыі: у сваёй арганізацыі ён супрацоўнічае з міжнароднымі партнёрамі, таму хацеў паглыбіць свае веды ў камунікацыі. Пасля вучобы выпускнікам і выпускніцам прапанавалі паспрабаваць сябе на шэразе стажыровак, на адну з якіх і трапіў Максім. Мы пагутарылі з ім, каб даведацца падрабязнасці.
— У чым заключаецца твая стажыроўка?
— Я праходжу трохмесячную стажыроўку ў Міжнароднай камісіі Каардынацыйнай рады. Яна адказная за міжнародную супрацу КР. Паколькі Рада пазіцыянуе сябе як протапарламент, то і партнёрамі Парламенту з’яўляюцца іншыя парламенты – збольшага, еўрапейскіх краін. Таму Камісія камунікуе з імі. Галоўны плюс стажыроўкі – магчымасць паглядзець на палітыку знутры.
Але мая праца пачалася ўлетку падчас вакацый, таму камунікацыі было няшмат. Але Міжнародная камісія была ўключаная ў іншыя віды працы – напрыклад, слуханні КР па розных пытаннях, збольшага – па патэнцыйнай еўраінтэграцыі. У Варшаве таксама былі слуханні КР і Пераходнага кабінету, я дапамагаў там па тэхнічных момантах.
Апроч таго, я збіраю навіны пра Беларусь у замежных СМІ у твітары – гляджу, як Беларусь успрымаецца ў свеце. Таксама я збіраю навіны пра нашую краіну, якія могуць быць патэнцыйна важнымі для замежных медыя і партнёраў, і потым яны рассылаюцца ўсім.
Яшчэ я вёў базу даных, дзе збіраў інфармацыю пра еўрапейскія парламенты, міжнародныя камісіі парламентаў, іх чальцоў і гэтак далей. Гэта такая вялікая база даных, якая ў будучыні будзе выкарыстоўвацца на карысць КР і Міжнароднай камісіі, каб весці перамовы. Гэта важна і працуе на перспектыву, але з пункту гледжання атрыманага досведу атрымалася не вельмі: база даных – гэта штосьці занадта механічнае. Напрыклад, я збіраў нацыянальныя святы краінаў, каб потым КР віншаваў у твітары партнёраў.
— Як ты трапіў на стажыроўку?
— Я проста даслаў сваё рэзюмэ, яно вельмі моцна завязанае на міжнародных стасунках: мае досвед і адукацыя звязаныя з гэтым, я валодаю ангельскай мовай. Думаю, сыходзячы з майго вопыту, мне далі магчымасць прыйсці на інтэрв’ю. На сумоўі мяне пыталі пра саму Міжнародную камісію, як я бачу будучую працу. І праз тры дні мяне ўзялі на стажыроўку. Таму я б параіў рыхтавацца да такога кшталту сумоўяў: напрыклад, не ўсе ведаюць, што адказаць на пытанні арганізацыі кшталту “што вы ведаеце пра нас?” Трэба прадумаць патэнцыйныя пытанні наконт развіцця ў будучыні і свайго месца ў гэтай арганізацыі. Таксама вельмі добра мець свае пытанні: сумоўе – гэта дыялог, дзе ролі мяняюцца. Калі ты будзеш задаваць пытанні, гэта добра пакажа цябе і будзе значыць, што ты зацікаўлены ў стажыроўцы.