Аліна Харысава: “Як апранацца і дэбатаваць: што можна прашарыць на Акадэміі новай беларускай дыпламатыі?”
2024
Цэнтр новых ідэй працягвае збіраць заяўкі на другі набор Акадэміі новай беларускай дыпламатыі. Дэдлайн — 27 сакавіка, а пакуль мы вырашылі натхніць цябе гісторыяй выпускніцы першага набору Аліны Харысавай.

Аліна — паліталагіня, кіраўніца працоўнай групы па контрэкстрэмізму моладзевай Рады ЗША, міжнародная сакратарка ЗБС, чаліня Каардынацыйнай Рады. Дзяўчына падалася на Акадэмію новай беларускай дыпламатыі, калі зразумела, што хоча працаваць у палітыцы на міжнародным узроўні. Яе зацікавілі тэарэтычныя і практычныя веды ў дыпламатыі, а таксама эксперты і эксперткі, якія выступалі на праграме.

Таму Аліна распавяла пра свой досвед навучання, людзей, якіх яна сустрэла падчас праграмы, а таксама як атрыманыя веды цяпер дапамагаюць ёй прасоўваць Беларусь на міжнародным узроўні.

— Аліна, ці апынулася навучанне ў Акадэміі новай беларускай дыпламатыі рэлевантным тваёй мэце?

— Навучанне было  часткова рэлевантым, бо апынулася, што я была абазнаная ў тэме яшчэ да навучання. Безумоўна, адыграў вялікую ролю досвед: я шмат знаходжуся ў міжнароднай тэме, пастаянна цікаўлюся павесткай, узаемаадносінамі Беларусі з іншымі краінамі, таму некаторыя рэчы не сталі для мяне адкрыццём. Але палова новых рэчаў сталася вельмі актуальнымі ў працы, хаця раней я пра гэта не ведала. Напрыклад, блок пра дыпламатычную этыку: пра тое, як трэба апранацца і агулам паводзіць сябе ў такіх колах. Я настолькі гэтым зацікавілася, што пасля пачала сама гэта даследаваць, глядзець пэўныя каналы на юцюбе, чытаць дадатковую інфармацыю. Гэта быў той блок, які дапамог мне практычна, бо я памятаю, што сядзела на праграме і думала: вось, я на пэўныя сустрэчы апраналася не так, як было б патрэбна. Таму правяла такую работу над сваімі памылкамі “у полі” і ў будучыні іх выправіла.

Таксама вельмі карыснымі апынуліся блокі самастойнай працы па заданнях, якія нам давалі. Напрыклад, калі мы пісалі аналітычны тэкст, які правяраў Арцём Шрайбман, ці дэбаты ў афлайн-частцы. Такія практычныя рэчы шмат чаго даюць. Агулам быў бачны высокі ўзровень экспертаў і экспертак, якія задзейнічаны ў праграме. Гэта прафесійныя людзі, з якімі сыходзяцца погляды і каштоўнасці, якім не шкада дзяліцца сваім досведам. Усім падабайкі!

Цікава, што ў мяне былі пэўныя разыходжанні ў некаторых пытаннях дыпламатычнай этыкі з экспертамі: напрыклад, датычныя паводзінаў і становішча жанчыны ў такіх колах. Але і гэта было карысным, бо дапамагло мне пабачыць іншы погляд! Я лічу важным успрымаць не толькі меркаванні тых людзей, якія падзяляюць твой погляд. Нават тыя рэчы, якія я ў пэўным кантэксце вывучала раней, падчас Акадэміі карысна раскрыліся для мяне з іншых бакоў.

— Якія людзі вучыліся побач з табой? Ці спрыяла прастора класнаму нэтворкінгу?

— Узровень удзельнікаў і ўдзельніц быў круты. Цікава, што ўсе прыйшлі з розных кірункаў, шмат з кім атрымалася ўсталяваць добрыя кантакты. Нават некалькі праектаў, над якімі мы думалі падчас праграмы, з некаторымі ўдзельнікамі і ўдзельніцамі мы потым аформілі ў некалькі карысных ініцыятываў па адукацыі, захоўваем стасункі для рознага роду кааперацый.
— Якія цяпер ты прымяняеш веды рознага кшталту, набытыя падчас вучобы, у дзейнасці па прасоўванні беларускай павесткі?

— Першае, што ўзгадваецца, — гэта дыпламатычны этыкет. Да Акадэміі ў мяне было пра гэту тэму вельмі прымітыўнае ўяўленне, а пасля вучобы я зацікавілася гэтым і цяпер карыстаюся пэўнымі прынцыпамі на розных мерапрыемствах. Больш важна нават не тое, што Акадэмія дала мне гэтыя веды, а як яна змагла мяне зацікавіць у тэме і далейшым яе вывучэнні, а таксама пашырыць маё ўяўленне пра тое, як гэта ўсё працуе.
Калі мы ўдзельнічалі ў дэбатах напрыканцы, то вельмі добра рыхтаваліся, аналізавалі розных экспертаў і экспертак, якія ўдзельнічаюць у дэбатах. І гэта моцна дапамагло цяпер у дзейнасці, мець перад вачыма прыклады, як варта гэта рабіць. Агулам пашырылася разуменне, як мусіць будавацца аргументацыя, прычым адбылося гэта на канкрэтных прыкладах. 
Таксама я памятаю, якую цудоўную крытыку пад маім тэкстам пакінуў Арцём Шрайбман. Цяпер я таксама пішу тэксты з навінамі ці іх аналізам, і заўсёды карыстаюся парадамі, якія ён мне даў. Бо ў той момант у мяне адбылася прафдэфармацыя: мае тэксты былі занадта палітычныя ці акадэмічныя, а Арцём адкарэктаваў гэты перакос. Я зразумела, як камунікаваць з людзьмі, каб проста данесці сваю думку да звычайных чытачоў, а не напісаць навуковую паперу.

— Як яшчэ цябе натхніў удзел у Акадэміі?

— З яшчэ адным удзельнікам мы распрацавалі некалькі дакументаў, каб прасоўваць тэму беларускага студэнцтва, акадэмічнага развіцця беларусаў і беларусак. Гэта ахоплівае краіны, дзе нас выключалі з такой павесткі. Мы рыхтавалі праект яшчэ ў межах Акадэміі, потым дапрацавалі яго і накіравалі да пэўных стэйкхолдэраў. Падаецца, гэта нават спрацавала. Бо раней беларусаў і беларусак выключалі з праграмаў для краін Усходняга партнёрства. А мы папрацавалі са спасылкай на рэзалюцыю Еўрапарламента, дзе напісана, што яны не прызнаюць выхад Беларусі з аб’яднання краін Усходнягя партнёрства, бо аб гэтым заявіла нелігітымная ўлада. Мы пакінулі ўсе гэтыя спасылкі, і падаецца, дамагліся поспеху.

Увогуле калі я зразумела, што хачу развівацца ў міжнародным кірунку, я спадзявалася, што Акадэмія запоўніць мае пэўныя прабелы. Так і адбылося: маю прагу да ведаў цалкам наталіла навучанне, тым больш тое, што падаецца такімі метадамі. Сяброўская атмасфера, людзі з такой жа прагай да ведаў, як у цябе, скілы — гэта ўсё спрыяе твайму навучанню і прашарванню ў тэме.

— Каму б ты раіла падавацца на наступны набор?

— Раіла б падавацца тым, хто любіць развівацца, не баіцца чагосьці новага, любіць нэтворкінг. У Акадэміі можна знайсці шмат аднадумцаў, з якімі потым ёсць магчымасць прасоўваць беларускую павестку.