Каб зразумець, які вобраз мае пэўная краіна за мяжой, варта разабрацца, хто ўплывае на яго фармаванне.
Па-першае, важнымі актарамі ў фармаванне вобраза краіны ў вачах замежных палітыкаў з’яўляюцца ўлады: прэзідэнт, урад, міністэрства замежных справаў. Палітычныя заявы, галасаванне на міжнародных пляцоўках, замежныя візіты кіраўніцтва дзяржавы задае накірунак іміджу краіны. Такім чынам, дзяржавы наўпрост камунікуюць найбольш важныя для іх каштоўнасці, мэты і задачы
[2]. Высокаўзроўневая палітычныя камунікацыя фармуе міжкраінавыя стасункі. Пры гэтым, сітуацыя ўскладняецца, калі прадстаўнікі палітычных элітаў не ўніфікаваныя, бо знешнія актары атрымліваюць розныя пасланні. Такая сітуацыя сёння характэрна для Беларусі. Па сутнасці прамая камунікацыя з замежнымі палітычнымі элітамі адбываецца праз прадстаўнікоў рэжыма і праз прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, ураду ў выгнанні, апазіцыйных палітыкаў, органаў калектыўнага прадстаўніцтва. Беларуская сітуацыя не ўнікальная. Артыкуляцыя розных вобразаў краіны адбываецца і ў выпадку Венесуэлы ці М’янмы – краінах з моцнай апазіцыяй і альтэрнатыўнымі ўрадамі.
Па-другое, імідж краіны за мяжой фармуецца праз публічную прастору: медыя, недзяржаўныя арганізацыі, экспертаў, аналітычныя цэнтры. Лідары думкі, якія не з’яўляюцца прадстаўнікамі фармальных палітычных элітаў уплываюць на тое, якія наратывы трапляюць у міжнародную прастору. Да прыкладу, абіраючы стратэгіі супрацоўніцтва з той ці іншай краінай, дзяржавы-партнёры абапіраюцца не толькі на афіцыйныя заявы палітычных элітаў, але і на аналітычныя нататкі, справаздачы праваабаронцаў ці грамадскіх арганізацый, матэрыялы незалежных медыя.
Па-трэцяе, на фармаванне вобразу краіны ўплываюць грамадзяне, якія пражываюць на тэрыторыі іншых краін. Гэта тычыцца не толькі маніфестацый ці зваротаў дыяспары, але і культурнага ці прыватнага жыцця. Праз гэтыя дамены часта фармуюцца стэрэатыпы пра грамадзян і краіну. Такім жа чынам, турысты фармуюць вобраз краіны, наведваючы яе і распаўсюджваючы свае думкі пра краіну на сваёй радзіме. Да прыкладу, калі сярод палітычных элітаў стэрэатыпнае апісанне Беларусі можа гучаць як “Апошняя дыктатура Еўропы” ці ІТ-хаб Еўропы, у масавым разуменні краін-суседак гэта могуць быць стэрэатыпы пра чыстыя вуліцы і добрыя малочныя прадукты.
Хаця можна вызначыць яшчэ з дзясятак іншых складнікаў вобразу краіны, спынімся на прыкладзе спорта. Чэмпіянаты, кубкі, гульні – гэта спосаб не толькі прывабіць замежнікаў у краіну, але таксама магчымасць маніфеставаць пэўны вобраз краіны. Менавіта таму, краіны рыхтуючыся да міжнародных чэмпіянатаў, укладваюць вялікія рэсурсы не толькі ў развіццё спартыўнай, але і ў аблагароджванне турыстычнай інфраструктуры. Падчас спартыўных мерапрыемстваў у краінаў з’яўляецца магчымасць прадэманстраваць найлепшае з наяўнага. Пры гэтым, паколькі палітычная сітуацыя ў краіне рэдка наўпрост кранае замежных наведвальнікаў спартыўных мерапрыемстваў, аўтарытарныя краіны часта карыстаюцца спартыўнымі спаборніцтвамі як сродкам “адбельвання” свайго міжнароднага вобразу. Чэмпіянат свету па футболе ў Катары, чэмпіянаты па хакею ў Беларусі, Сочынская зімняя алімпіяда – падобныя міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы не раз крытыкаваліся міжнароднай супольнасцю як легітымізучыя аўтарытарныя рэжымы.