Калі пра фармальныя прыкметы, то МЗС на вуліцы Леніна, 19 у Менску працуе, амбасады таксама і нават у заходніх краінах – у ЗША, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, дзяржавах Еўрапейскага саюза.
Ідзе планавая і пазапланавая ратацыя супрацоўнікаў. Замежныя МЗСы выдаюць прысутным беларускім дыпламатам акрэдытацыю, прызнаючы іх афіцыйна ў якасці дыпламатаў Беларусі.
Новых беларускіх амбасадараў прызнаюць не ўсюды на Захадзе, і там, дзе іх не прызнаюць, новых афіцыйны Мінск не прызначае, паніжаючы ўзровень сваёй дыпляматычнай прысутнасьці ў краіне да часовых павераных у справах. Так адбылося, напрыклад, у Вялікабрытаніі, Польшчы, Італіі, Бельгіі, Эстоніі, Нямеччыне, Фінляндыі, Швецыі.
З моманту таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі ў канцы кастрычніка 2020 года адбылося ўжо дзевяць цырымоній уручэння яму даверчых грамат, праз якія прайшлі паслы каля 70 дзяржаў, якія прадстаўляюць усе кантыненты, акрамя Аўстраліі.
Еўрапейскія дзяржавы ў іх ліку таксама ёсць. Гэта Ватыкан, Мальтыйскі ордэн, Боснія і Герцагавіна (кандыдат на ўступленне ў ЕС), Македонія (таксама кандыдат), Сербія (аналагічна), Швейцарыя і Венгрыя.
У цэлым, Еўропа і Паўночная Амерыка застаюцца тымі рэгіёнамі, дзе ўлады адчуваюць складанасці. Аднак у цэлым спіс краін, з якімі ў Беларусі ёсць палітычны дыялог, за мінулыя з моманту выбараў гады мае тэндэнцыю да пашырэння.
Ёсць рэгіёны, дзе ўвогуле нічога для беларускай знешняй палітыкі не памянялася пасля 2020 года — нібыта няма санкцый і ізаляцыі. Гэта датычыцца так званай "далёкай дугі".
З краінамі Азіі, Афрыкі, Блізкага Усходу, Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, якія і ёсць гэтая самая "далёкая дуга" і якія складаюць большасць краін свету, адносіны на выгляд развіваюцца як ні ў чым ні бывала, нібы няма ні санкцый, ні ізаляцыі.
Працуюць усе механізмы супрацоўніцтва, якія там ёсць. Гэта кансультацыі паміж МЗС, працоўныя групы, міжурадавыя камісіі і гэтак далей.
Пасля выбараў 2020 года Лукашэнка на працягу сямі месяцаў нікуды не выязджаў, акрамя Расіі. У 2023 годзе ён пабываў у Зімбабвэ, двойчы ў ААЭ, шматразова ў Расіі, двойчы ў Кітаі, у Іране, у Экватарыяльнай Гвінеі, Кеніі, паўдзельнічаў у віртуальным саміце ШАС у Індыі і ў Сусветным саміце па барацьбе са змяненнем клімату ў ААЭ. Прычым на саміце ў Дубаі нароўні з Лукашэнкам удзельнічалі кіраўнікі заходніх дзяржаў. І толькі кіраўнікі Польшчы, Латвіі і Літвы — усяго тры краіны — вырашыліся на маленькі дэмарш —адмовіліся ад сумеснага з ім фатаграфавання.
У Беларусі летась паспелі пабываць прэзідэнты Зімбабвэ, Экватарыяльнай Гвінеі, віцэ-прэзідэнты Ірана і Венесуэлы, прэм'ер-міністр Кубы, міністры замежных спраў Венгрыі, Зімбабвэ, Нікарагуа, Венесуэлы, Казахстана, Экватарыяльнай Гвінеі, вялізная колькасць расійскіх губернатараў.
Міністр замежных спраў Беларусі ў мінулым годзе наведаў з візітамі Кенію, Венгрыю, Расію, Пакістан, Турцыю пабываў на саміце Руху недалучэння ў Баку, Генасамблеі ААН у Нью-Йорку і саміце БРІКС у ПАР. Сёлета Сяргей Алейнік здзейсніў афіцыйныя візіты ў Саудаўскую Аравію, Індыю і Манголію, рабочую паездку ў Зімбабвэ, прыняў удзел у саміце Руху Недалучэння ва Угандзе.
У мінулым годзе Мінск прыняў саміт АДКБ на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і міжнародную канферэнцыю высокага ўзроўню "Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў свеце, які трансфармуецца".
Лукашэнка вядзе шырокую пратакольную перапіску. У большасць дзяржаў ён, як і належыць, піша кіраўнікам краін. Пратакольныя нагоды ў заходніх краінах афіцыйны Мінск таксама не прапускае, але ва ўсіх выпадках звяртаецца да народаў: напрыклад, у сакавіку 2024 года павіншаваў ірландцаў і балгар з нацыянальнымі святамі.
Уся гэтая актыўнасць сведчыць аб правале спробы ізаляваць беларускія ўлады, а вось ізаляцыю Беларусі па частцы магчымасцей камунікацыі з ЕС для краіны і грамадзян, транспартных зносін і цяжкасцей з атрыманнем віз можна лічыць удалай.
Адносіны з Расіяй з'яўляюцца сур’ёзным выклікам для незалежнасці Беларусі, асабліва ва ўмовах эканамічных санкцый, але менавіта Расія забяспечвае беларускую эканоміку рынкам збыту, сыравінай, рэсурсамі, выхадамі да мора для гандлю з трэцімі краінамі.
Самы значны прыклад, які даказвае наяўнасць аўтаномнай беларускай знешняй палітыкі, гэта супрацоўніцтва з Кітаем. На фоне залежнасці ад Расіі Кітай застаецца адной з ключавых апор незалежнасці Беларусі.