Фактары, якія ўплываюць на знешнюю палітыку, можна падзяліць на чатыры групы: унутраныя аб’ектыўныя і знешнія аб’ектыўныя, унутраныя суб’ектыўныя і знешнія суб’ектыўныя
[1]. Свядома ці несвядома ў межах курсу мы будзем абмяжоўвацца тымі фактарамі, якія аўтары лічаць найважнейшымі ў кароткатэрміновай перспектыве. У рэшце рэшт, да гэтага стымулюе абмежаваная працягласць курсу.
Да ўнутраных аб’ектыўных фактараў адносяцца палітычная сістэма (напрыклад, тып палітычнага рэжыму, якасць кадраў); геаграфічнае месцазнаходжанне (памер тэрыторыі, краіны-суседзі, доступ да мора, роля ў рэгіянальнай лагістыцы, г.д.); дэмаграфічны патэнцыял (колькасць жыхароў, дэмаграфічныя трэнды, нацыянальны склад, г.д.); стан эканомікі (памер і структура эканомікі, доступ да знешніх рынкаў, навукова-тэхнічны патэнцыял, г.д.); вайсковы патэнцыял (напрыклад, памер войска, якасць узбраення, узровень выдаткаў на войска, удзел у саюзах).
Да ўнутраных суб’ектыўных фактараў адносяцца грамадскі знешнепалітычны запыт (што пра знешнюю палітыку думаюць грамадзяне) і канцэпцыі знешняй палітыкі (што пра яе думаюць палітычныя актары).
Вонкавыя аб'ектыўныя фактары, якія ўплываюць на палітыку Беларусі, уключаюць у сябе
адносіны Расіі з Захадам і месца Беларусі ў рэгіянальнай геапалітыцы, а таксама глабальныя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя тэндэнцыі (напрыклад, фрагментацыя сусветнай палітыкі і эканомікі, рабатызацыя, рост значэння зялёнай павесткі, г.д.).
Вонкавыя суб’ектыўныя фактары – гэта знешні вобраз Беларусі (у вачах іншых грамадстваў ці СМІ) і бачанніміжнародных актараў Беларусі і адносін з ёй (напрыклад, што пра Беларусь думаюць у Крамлі ці Белым доме).