Умовы фармавання знешняй палітыкі Беларусі
2024
РЫГОР АСТАПЕНЯ
Інтэрпрэтацыі беларускай гісторыі
Пры аналізе ўплыву гісторыі на знешнюю палітыку істотна не столькі, што адбывалася ў мінулым, але якія інтэрпрэтацыі гісторыі існуюць у грамадстве і дзяржаве і якім чынам гэтыя інтэрпрэтацыі ажыццяўляюцца. Інтэрпрэтацыі беларускай гісторыі “не толькі спрачаюцца паміж сабой адносна канкрэтных фактаў ці падзей, але пачынаюцца ў цалкам розных месцах, развіваюцца з зусім іншымі наратывамі і скончваюцца з іншымі ідэямі ад тым, што гэта значыць быць беларусам сёння” [1].

З пункту гледжання знешняй палітыкі па сутнасці гісторый у Беларусі дзве. Таксама час ад часу ўзнікаюць спробы стварыць трэцюю неяк паяднаўшы дзве асноўныя інтэпрэтацыі.

У першай супрацьпастаўляемай інтэрпрэтацыі націск кладзецца на гісторыю самастойнасці, спадчыну Вялікага Княства Літоўскага і супрацьстанне Расіі. У другой – на часы, калі Беларусь была ў складзе Расіі ці Савецкага Саюзу. Да прыкладу, для першай інтэрпрэтацыі адным з сімвалаў беларускай гісторыі з’яўляецца перамога ў бітвы пад Воршай, у другой – гэтая бітва не болей чым проста радок у школьным падручніку. У першай “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг – спрадвечныя беларускія сімвалы, у другой – сімвалы калабранцкай адміністрацыі часоў Другой сусветнай вайны. Адпаведна першая інтэрпрэтацыя гісторыі больш узаемазвязаная і ўзаемаўзмацняецца з празаходняй знешнепалітычнай арыентацыяй, другая – з прарасійскай.

Сённяшні рэжым да 2020 году падпрымаў крокі, якія паказвалі пэўнае перацяканне элементаў “альтэрнатыўнай гісторыі” у “афіцыйную” [2]. Гэта магло б сведчыць аб кшталтаванні трэцяга паяднальнага наратыву, у якім не было б прамога адказу – ці тое Беларусь частка Захад, ці тое Беларусь – вечная саюзніца Расіі. (Гэты наратыў пры тым досыць лагічна клаўся на адносна развітую ў Беларусі парадыгму негатыўнага гістарычнага досведу што ў сувязях з Расіяй, што ў сувязях з Захадам. Самым яскравым прыкладам той парадыгмы з’яўляецца эсэ Ігната Абдзіраловіча “Адвечаным шляхам”.) Аднак пасля 2020 году гэтыя крокі спыніліся, Лукашэнка прыняў, што “афіцыйнай гісторыяй” можа быць толькі прарасійская.
Геаграфічныя ўмовы
Геаграфічныя чыннікі маюць значны ўплыў на развіццё дзяржаў, у тым ліку Беларусі. Тапаграфічна плоская Беларусь знаходзіцца на Усходнееўрапейскай нізіне і не маючы істотных натуральных межаў (як горы, напрыклад), гістарычна была транзітнай дарогай для войнаў і гандлю (апошняе развівалася б куды лепш пры ўмове доступу да мора).

Месцазнаходжанне “паміж”, як і няўстойлівасць межаў, узмацнялі ў грамадстве пачуццё, што Беларусь гэта “краіна дзвюх цывілізацый” і папулярнае мысленне, што Беларусь павінна быць хабам супрацоўніцтва паміж Захадам і Расіяй. Пры гэтым, невялікая колькасць натуральных рэсурсаў штурхае да эканамічнай адкрытасці і таго, каб шукаць прывабны варыянт узаемадачыненняў з Расіяй і Еўрапейскім Саюзам. (Пакуль што рэжым Лукашэнкі знайшоў багатыя натуральныя рэсурсы – проста не ў беларускай зямлі, а ў Крамлі.)
Беларусь павінна мець аднолькава добрыя стасункі з Захадам і Расіяй
Звесткі: Chatham House Belarus Initiative (2023), Seventeenth Survey Wave, https://en.belaruspolls.org/wave-17.
Беларусі варта сябраваць і з Расіяй, і з Украінай
Звесткі: Chatham House Belarus Initiative (2024), Eighteenth Survey Wave, https://en.belaruspolls.org/wave-18.
Нягледзячы на тое, што Беларусь з’яўляецца сярэдняй па тэрытарыяльным памеры краінай, у самой Беларусі прынята лічыць сябе малой дзяржавай. Магчыма, гэта ў нейкай ступені звязана з разуменнем уласнай перыферыйнасці для міжнароднай палітыкі і эканомікі. Але на фоне расійскай вайны супраць Украіны роля беларускай геаграфіі часова ўзрасла. У дачыненні да Расіі геаграфія Беларусі часта апісваецца як “стратэгічны балкон”, з якога Крэмль можа пагражаць альбо весці агрэсіўныя дзеянні ў дачыненні да суседзяў Беларусі. Адпаведна ў інтарэсах Захаду і Украіны, каб Расія не магла такім чынам выкарыстоўваць геаграфію Беларусі.
Геапалітычныя ўмовы
Для міжнароднай палітыкі Беларусь з’яўляецца перыферыяй. Але для Крамля Беларусь з’яўляецца адной з найважнейшых краін у Еўропе і належыць да расійскай сферы ўплыву. Захад гэты стан па сутнасці не аспрэчвае і пераважна ўспрымае Беларусь як краіну з нізкай дадатковай вартасцю.

Беларусь знаходзіцца паміж дзвюма буйнымі геапалітычнымі актарамі – адпаведна стан стасункаў паміж Расіяй і Захадам можа мець вялікі ўплыў на знешнюю палітыку Беларусі. Ранейшыя спробы беларускага ўраду займаць больш нейтральную пазіцыю ў рэгіянальнай геапалітыцы абарваліся пасля палітычнага крызісу 2020 году, а пасля 24 лютага 2022 году нават і забыліся [3].
Дэмаграфічныя ўмовы
Паводле прагнозу Арганізацыі аб’яднаных нацый у 2100 годзе колькасць жыхароў Беларусі будзе складаць 5,7 мільёнаў чалавек [4]. З улікам растучай дэмаграфічнай нагрузкі (павелічэння колькасці пенсіянераў адносна колькасці працаздольных жыхароў), нізкім каэфіцыентам нараджальнасці (колькасць нараджэння на адну жанчыну) і высокай смяротнасцю мужчын [5] Беларусь з дэмаграфічнага пункту гледжання стане яшчэ больш переферыйнай краінай, чым з’яўляецца цяпер.

Адмоўныя дэмаграфічныя трэнды ўзмацняюцца масавай эміграцыяй беларусаў – за апошнія тры гады з краіны з’ехалі да 200 тысяч чалавек. Значная частка гэтых людзей – гэта высокакваліфікаваныя кадры прадэмакратычных і празаходніх поглядаў, якія былі ўключаныя ў глабальны рынак. То бок унутры краіны колькасць зацікаўленых у (адносна) празаходняй знешняй палітыцы змяншаецца. Пры гэтым, Беларусь не з’яўляецца прывабным месцам міграцыі ці тое высокакваліфікаваных замежных працаўнікоў, ці тое нізкакваліфікаваных.
Рэлігійная спецыфіка
Прыналежнасць да адной з канфесій доўгі час была чыннікам, які ўплываў на самаакрэсленне беларусаў. Тыя, хто прыналежыў да праваслаўя, былі звязаныя больш з рускай культурай і Усходам, у той момант як каталікі былі бліжэй да польскай культуры і Захаду.

Сённяшнія беларусы досыць атэістычныя і рэлігійнасць не грае ў іхным жыцці істотнай ролі. Пры гэтым, не зважаючы на выразную колькасную перавагу праваслаўных над прадстаўнікамі іншых канфесій, у Беларусі афіцыйна святкуюцца абодва Раства і Вялікадня.

Рэлігія таксама не грае істотнай ролі ў знешнепалітычнай арыентацыі – тыя ж большыя сувязі з Ватыканам, чым з РПЦ, якія існуюць у знешняй палітыцы Беларусі, вынікаюць не з выбару паміж імі, а проста больш значнай ролі Каталіцкай царквы ў міжнароднай палітыцы.
Уплыў эканомікі на знешнюю палітыку (ці наадварот)
Беларусь з’яўляецца малой адкрытай эканомікай – такія як правіла правіла не могуць быць самадастатковымі і ім неабходна ўзаемадзейнічаць з міжнароднымі рынкамі [6]. Пры гэтым, беларуская эканономіка празмерна залежная ад расійскай (і адпаведна разам з ёй ад цэнаў на нафту) – таму для Беларусі істотна дыверсіфікавацца выбудоўваючы сувязі з рознымі краінамі, гэтак і развіваючы новыя галіны эканомікі (што наўрад ці магчыма без правядзення эканамічных рэформ).

Натуральнымі эканамічнымі партнёрамі Беларусі павінны былі б быць ЕС і Расія, але ў сілу розных – перадусім палітычных – фактараў Расія дамінавала яшчэ да пачатку вайны. Цяпер жа ўведзеныя Захадам санкцыі істотна паўплывалі на эканоміку Беларусі, абмежаваўшы гандаль, інвестыцыі і іншыя формы супрацоўніцтва. Гэта яшчэ больш павялічыла залежнасць ад Расіі.
[1]
A. Wilson, Belarus: The Last European Dictatorship, Yale University Press 2012, p. xi.
[2]
А. Шрайбман, Запрос на свое. Как Лукашенко борется с оппозицией за историю, http://carnegie.ru/commentary/75889.
[3]
Р. Астапеня, П. Мацукевич, Возможен ли нейтралитет Беларуси?, https://newbelarus.vision/is_neutrality-possible-for-belarus
[4]
United Nations, World Population to 2300, New York 2004.
[5]
Л. Львоўскі (2023), Як спыніць выміранне беларусаў?, https://news.zerkalo.io/life/30469.html.
[6]
К. Борнукова, Экономика Беларуси: влияние на внешнюю политику, https://new-belarusian-diplomacy.academy/ekanomika-bielarusi-2023.

Што пачытаць па тэме

  1. І. Абдзіраловіч, Адвечным шляхам. Дасьледзіны беларускага сьветагляду, Вільня 1921-Львоў 2007
  2. А. Алехнович, К. Борнукова, Какие экономические реформы нужны Беларуси и чем может помочь Запад?, https://www.ideasbank.vision/projects/3.
  3. А. Ластовский, Специфика исторической памяти в Беларуси: между советским прошлым и национальной перспективой, “Вестник общественногого мнения: Данные Анализ, Дискуссии”, 2004, четвертый номер.
  4. Л. Львоўскі (2023), Як спыніць выміранне беларусаў?, https://news.zerkalo.io/life/30469.html.
  5. Эксперты KEF, Семейная политика в условиях «нерождаемости», 2022, https://ideasbank-assets.s3.eu-central-1.amazonaws.com/Family+Policy+In+Belarus.pdf.
  6. R. Kaplan, The Revenge of Geography: What the Map Tells Us About Coming Conflicts and the Battle Against Fate, New York 2013.
  7. RANE Network, Belarus’ geographic challenge, https://worldview.stratfor.com/article/belarus-geographic-challenge.
  8. Andrew Wilson, Belarus: The Last European Dictatorship, Yale 2012.