Памежнасць Беларусі
2023
РЫГОР АСТАПЕНЯ
Лекцыя прысвечаная уплыву на знешнюю палітыку інтэрпрэтацый беларускай гісторыі, геаграфічных і дэмаграфічных умоваў
Інтэрпрэтацыі беларускай гісторыі
Пры аналізе ўплыву гісторыі на знешнюю палітыку істотна не столькі, што адбывалася ў мінулым, але якія інтэрпрэтацыі гісторыі існуюць у грамадстве і дзяржаве і якім чынам гэтыя інтэрпрэтацыі ажыццяўляюцца. Інтэрпрэтацыі беларускай гісторыі “не толькі спрачаюцца паміж сабой адносна канкрэтных фактаў ці падзей, але пачынаюцца ў цалкам розных месцах, развіваюцца з зусім іншымі наратывамі і скончваюцца з іншымі ідэямі ад тым, што гэта значыць быць беларусам сёння” [1].

З пункту гледжання знешняй палітыкі па сутнасці гісторый у Беларусі дзве. Таксама час ад часу ўзнікаюць спробы стварыць трэцюю неяк паяднаўшы дзве асноўныя інтэпрэтацыі ці іх наагул праігнараваўшы.

У першай супрацьпастаўляемай інтэрпрэтацыі націск кладзецца на гісторыю самастойнасці, спадчыну Вялікага Княства Літоўскага і супрацьстанне Расіі. У другой – на часы, калі Беларусь была ў складзе Расіі ці Савецкага Саюзу. Да прыкладу, для першай інтэрпрэтацыі адным з сімвалаў беларускай гісторыі з’яўляецца перамога ў бітвы пад Воршай, у другой – гэтая бітва не болей чым проста радок у школьным падручніку. У першай “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг – спрадвечныя беларускія сімвалы, у другой – сімвалы калабранцкай адміністрацыі часоў Другой сусветнай вайны. Адпаведна першая інтэрпрэтацыя гісторыі больш узаемазвязаная і ўзаемаўзмацняецца з празаходняй знешнепалітычнай арыентацыяй, другая – з прарасійскай.

Сённяшні рэжым да 2020 году падпрымаў крокі, якія паказвалі пэўнае перацяканне элементаў “альтэрнатыўнай гісторыі” у “афіцыйную” [2]. Гэта магло б сведчыць аб кшталтаванні трэцяга паяднальнага наратыву, у якім не было б прамога адказу -- ці тое Беларусь частка Захад, ці тое Беларусь – вечная саюзніца Расіі. (Гэты наратыў пры тым досыць лагічна клаўся на адносна развітую ў Беларусі парадыгму негатыўнага гістарычнага досведу што ў сувязях з Расіяй, што ў сувязях з Захадам. Самым яскравым прыкладам той парадыгмы з’яўляецца эсэ Ігната Абдзіраловіча “Адвечаным шляхам”.) Аднак пасля 2020 году гэтыя крокі спыніліся, Лукашэнка прыняў, што “афіцыйнай гісторыяй” можа быць толькі прарасійская.
Геаграфічныя ўмовы
Геаграфічныя чыннікі маюць значны ўплыў на развіццё дзяржаў, у тым ліку Беларусі. Тапаграфічна плоская Беларусь знаходзіцца на Усходнееўрапейскай нізіне і не маючы істотных натуральных межаў (як горы, напрыклад), гістарычна была транзітнай дарогай для войнаў і гандлю (апошняе развівалася б куды лепш пры ўмове доступу да мора).

Месцазнаходжанне “паміж”, як і няўстойлівасць межаў, узмацнялі ў грамадстве пачуццё, што Беларусь гэта “краіна дзвюх цывілізацый” і папулярнае мысленне, што Беларусь павінна быць хабам супрацоўніцтва паміж Захадам і Расіяй. Пры гэтым, невялікая колькасць натуральных рэсурсаў штурхае да эканамічнай адкрытасці і таго, каб шукаць прывабны варыянт узаемадачыненняў з Расіяй і Еўрапейскім Саюзам. (Проста пакуль што рэжым Лукашэнкі знайшоў багатыя натуральныя рэсурсы – проста не ў беларускай зямлі, а ў Крамлі.)
Беларусь павінна мець аднолькава добрыя стасункі і з Захадам, і з Расіяй
Звесткі: Chatham House Belarus Initiative, апытанне гарадскіх жыхароў Беларусі метадам CAWI, https://belaruspolls.org/wave-14.
  • 4%
    Цалкам нязгодныя
  • 8%
    Хутчэй нязгодныя

  • 21%
    Складана адказаць

  • 49%
    Хутчэй згодныя
  • 17%
    Цалкам згодныя

Нягледзячы на тое, што Беларусь з’яўляецца сярэдняй па тэрытарыяльным памеры краінай, у самой Беларусі прынята лічыць сябе малой дзяржавай. Магчыма, гэта ў нейкай ступені звязана з разуменнем уласнай перыферыйнасці для міжнароднай палітыкі і эканомікі. Але на фоне расійскай вайны супраць Украіны роля беларускай геаграфіі часова ўзрасла. У дачыненні да Расіі геаграфія Беларусі часта апісваецца як “стратэгічны балкон”, з якога Крэмль можа пагражаць альбо весці агрэсіўныя дзеянні ў дачыненні да суседзяў Беларусі. Адпаведна ў інтарэсах Захаду і Украіны, каб Расія не магла такім чынам выкарыстоўваць геаграфію Беларусі.
Дэмаграфічныя ўмовы
Паводле прагнозу Арганізацыі аб’яднаных нацый у 2100 годзе колькасць жыхароў Беларусі будзе складаць 5,7 мільёнаў чалавек [3]. З улікам растучай дэмаграфічнай нагрузкі (павелічэння колькасці пенсіянераў адносна колькасці працаздольных жыхароў), нізкім каэфіцыентам нараджальнасці (колькасць нараджэння на адну жанчыну) і высокай смяротнасцю мужчын [4] Беларусь з дэмаграфічнага пункту гледжання стане яшчэ больш переферыйнай краінай, чым з’яўляецца цяпер.

Адмоўныя дэмаграфічныя трэнды ўзмацняюцца масавай эміграцыяй беларусаў -- за апошнія тры гады з краіны з’ехалі да 200 тысяч чалавек. Значная частка гэтых людзей -- гэта высокакваліфікаваныя кадры прадэмакратычных і празаходніх поглядаў, якія былі ўключаныя ў глабальны рынак. То бок унутры краіны колькасць зацікаўленых у (адносна) празаходняй знешняй палітыцы змяншаецца. Пры гэтым, Беларусь не з’яўляецца прывабным месцам міграцыі ці тое высокакваліфікаваных замежных працаўнікоў, ці тое нізкакваліфікаваных.
[1]
A. Wilson, Belarus: The Last European Dictatorship, Yale University Press 2012, p. xi.
[3]
United Nations, World Population to 2300, New York 2004.

Што пачытаць па тэме

  1. І. Абдзіраловіч, Адвечным шляхам. Дасьледзіны беларускага сьветагляду, Вільня 1921-Львоў 2007.
  2. А. Ластовский, Специфика исторической памяти в Беларуси: между советским прошлым и национальной перспективой, “Вестник общественногого мнения: Данные Анализ, Дискуссии”, 2004, четвертый номер.
  3. Л. Львоўскі (2023), Як спыніць выміранне беларусаў?, https://news.zerkalo.io/life/30469.html.
  4. Эксперты KEF, Семейная политика в условиях «нерождаемости», 2022, https://ideasbank-assets.s3.eu-central-1.amazonaws.com/Family+Policy+In+Belarus.pdf.
  5. R. Astapenia, Tożsamość międzynarodowa Białorusi, Warszawa 2018.
  6. R. Kaplan, The Revenge of Geography: What the Map Tells Us About Coming Conflicts and the Battle Against Fate, New York 2013.
  7. RANE Network, Belarus’ geographic challenge, https://worldview.stratfor.com/article/belarus-geographic-challenge.
  8. Andrew Wilson, Belarus: The Last European Dictatorship, Yale 2012.