Сувязі Беларусі з дыяспарай

2023
ГЕНАДЗЬ КОРШУНАЎ
Што такое дыяспара, каго трэба ці можна залічваць да сяброў дыяспары?
Паводле закону “Аб беларусах замежжа” да беларусаў замежжа адносяцца наступныя асобы: а) грамадзяне, якiя пастаянна пражываюць за межамi РБ; б) замежныя грамадзяне, якiя самi або iх продкi нарадзiлiся або пражывалi на тэрыторыi сучаснай Рэспублiкi Беларусь; в) замежныя грамадзяне, якiя пастаянна пражываюць за межамi Рэспублiкi Беларусь i iдэнтыфiкуюць сябе як беларусы.

Прызнанне асобамi сваёй прыналежнасцi да дыяспары з'яўляецца актам iх самаiдэнтыфiкацыi, падмацаваным грамадскай або прафесiйнай дзейнасцю па захаваннi і развiццi беларускай культуры за мяжой.
Тузін хваляў беларускай міграцыі
Хоць беларуская дыяспара – гэта прадукт перадусім ХХ стагоддзя, цягам гісторыі з беларускіх земляў прайшлі некалькі хваляў міграцыі, якія ўзбуйнялі дыяспару.

  • XV-XVIII стст.. – міграцыя у выніку войнаў (часам – прымусовая, асабліва з усходніх земляў), сувязь з канфесійным складнікам (смаленская шляхта).
  • Канец XVIII – пачатак XX стст. – у выніку паразаў шэрагу паўстанняў (1794, 1830-1831, 1863-1864 гг.), з тэрыторыі Беларусі ўцякалі і высылаліся ўжо збольшага нацыянальна-арыентаваныя людзі.
  • Пачатак ХХ ст. – эканамічная міграцыя і на Захад (у тым ліку ў Амерыку), і на Усход (у выніку правядзення “сталыпінскай рэформы”). Таксама значная колькасць жыхароў Беларусі сталі ўцекачамі падчас Першай сусветнай,
  • Даваенная, ваенная і пасляваенная міграцыя – высылкі і дэпартацыі за савецкім часам (асабліва з Заходняй Беларусі – як мінімум чатыры вялікія хвалі), савецкая эвакуацыя і нямецкая дэпартацыя.
  • Другая палова ХХ ст. – працоўная міграцыя ў межах СССР, у тым ліку інтэлектуальная міграцыя ва ўмоўныя Маскву і Ленінград.
  • Развал СССР – шмат беларусаў апынуліся ў Расіі, эміграцыя ў Ізраіль і краіны Захаду.
Дыяспара і ўлады
Беларуская дыяспара знаходзіцца не толькі на Захадзе. Вялікая частка – у Расіі і краінах былога СССР; розная механіка стварэння ў параўнанні з краінамі Захаду. Праз гэта рознае стаўленне дыяспар да беларускага рэжыму (гэтак было і да развалу СССР – аргентынская дыяспара, напрыклад, добра ставілася да СССР).

Абсалютная большасць у беларускай дыяспары досыць пасіўная, у тым ліку дзякуючы кволай палітыцы беларускіх уладаў. Гэтая палітыка была накіравана хутчэй не на падтрымку сувязяў з дыяспарай, а на яе расцярушванне. Што чакана, бо беларуская дыяспара ў межах пяцігадовых электаральных цыклаў папаўнялася палітычна актыўнымі беларусамі (пераважна на Захадзе).
На сярэдзіну 2010-х беларускія дыяспары – гэта прыкладна 3,5 млн чалавек у 70 краінах (ЗША, Расія, Польшча, Украіна, Аргентына і г.д.), і толькі ў 25 з іх былі суполкі беларусаў.
У апошнія 30 гадоў стасункі дыяспары з уладай прайшлі некалькі этапаў.

  • 1991-1994 – цікаўнасць да дыяспары, намаганні па кансалідацыі (правядзенне 1-ага з'езду беларусаў свету).
  • 1994-2014 – халоднае стаўленне да дыяспары.
  • 2014-2020 – прабуджэнне ўзаемадзеяння з урадам (2014 г. – прыняцце Закону “Аб беларусах замежжа”, 2017 – правядзенне ў Мінску 7-ага з'езду беларусаў свету, арганізатарам якога традыцыйна выступае грамадскае аб'яднанне "Бацькаўшчына").
  • 2020 і да сённяшняга моманту – уздым беларусаў замежжа, дапамога краіне падчас пандэміі Covid-19 і пераўтварэнне дыяспары ўлетку 2020 году.
Пераўтварэнне дыяспары

  • Да 2020 году – нарошчванне моцы, кампетэнцый, гарызантальных сувязяў і нацыянальных пачуццяў.
  • Пачатак 2020-га – уздым падчас пандэміі, высілкі ў дапамогу Радзіме (нарошчванне сувязяў як унутры дыяспары, так і паміж ёю і актывістамі і іх структурамі ў Беларусі).
  • Лета 2020 – эмацыйны ўздым і вялікая надзея, палітызацыя гарызантальных сувязяў. Беларуская дыяспара вылучылася з постсавецкай прасторы, сфармаваўся станоўчы імідж беларусаў як нацыі, прайшла мабілізацыя эмігранцкай супольнасці і як вынік сфармаваўся новы стан існавання беларускай дыяспары.
Стан дыяспары пасля 24 лютага 2022
Тыповы прадстаўнік актыўнай часткі беларускай дыяспары – гэта хутчэй мужчына ва ўзросце 30-35 гадоў з вышэйшай адукацыяй і прыбыткам вышэйшым за сярэдні, які ў 2021-2022 гадах пакінуў Беларусь па палітычных матывах і пражывае ў Польшчы.

Беларуская дыяспара актыўна цікавіцца тым, што адбываецца ў Беларусі, і падтрымлівае цесныя сувязі з радзімай (найперш са сваякамі, з прадстаўнікамі іншых груп радзей).

Пераважная большасць актыўнай часткі беларусаў замежжа займаюцца грамадскай дзейнасцю. Галоўныя напрамкі: выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі ў сацыяльных сетках і аказанне дапамогі тым, хто ў ёй мае патрэбу.

Розніца паміж актыўнымі часткамі беларускага грамадства па абодва бакі дзяржаўнай мяжы істотна меншая, чым паміж прыхільнікамі і супернікамі ўлады ўнутры краіны.

Дыяспара ў адносінах да сябе настроена вельмі крытычна. Аднак беларусы, якія знаходзяцца ў Беларусі, схільныя верыць у дыяспару і выказваюць ёй істотны крэдыт даверу.

Што пачытаць па тэме

  1. Наталля ГАРДЗІЕНКА «Беларуская дыяспара як аб’ект гістарычнага даследавання (Лекцыі 1—4)»https://belcollegium.com/natallya-gardzienka-belaruskaya-dyyaspara-yak-abekt-gistarychnaga-dasledavannya-lekcyi-1-4/
  2. Henadz KORSHUNAU “Entwicklungen in der belarusischen Diaspora 2020» in Aus Belarus-Analysen Nr. 61 vom 26.07.2022, S. 2–6 - https://www.laender-analysen.de/belarus-analysen/60-62/entwicklungen-in-der-belarusischen-diaspora-2020/
  3. Генадзь КОРШУНОВ, Максим КУДРЕВИЧ. «Диаспора как часть беларусского общества». https://newbelarus.vision/wp-content/uploads/2023/01/Diaspora_full-version.pdf
  4. Олег АЛАМПИЕВ, Филипп БИКАНОВ «Беларусы в Польше, Литве, Грузии: отношение к войне, помощь Украине, дискриминация» - https://library.fes.de/pdf-files/bueros/belarus/19480.pdf
  5. Živilė DAMBRAUSKAITĖ «Migration from Belarus and economic, social and political integration of immigrants in Lithuania» - https://www.eesc.lt/wp-content/uploads/2022/10/EESC-research-Migration-from-Belarus-and-economic-social-and-political-integration-1.pdf