Беларуска-расійскія
дачыненні праз прызму узаемазалежнасцяў

2024
РЫГОР АСТАПЕНЯ
У гэтай лекцыі мы будзем глядзець на беларуска-расійскія дачыненні праз прызму ўзаемазалежнасцяў, якія існуюць паміж Беларуссю і Расіяй. Нас больш цікавяць, якія палітычныя, эканамічныя, вайсковыя і грамадскія залежнасці мае Беларусь, а не Расія ад Беларусі. Але пачаць варта з другога, бо гэта нам дае зразумець, чаму Крэмль мэтанакіравана звязвае Беларусь.

Дзве галоўныя залежнасці Расіі ад Беларусі ляжаць у галіне ідэалогіі і ў сферы бяспекі. Крэмль не можа сабе ўявіць, што пасля Украіны страціць яшчэ і Беларусь, адзінага фармальнага саюзніка ў Еўропе, што цалкам развянчае ейны статус рэгіянальнай супердзяржавы і будзе ўдарам па ідэнтычнасці расіян. У сферы бяспекі Беларусь служыць Расіі “стратэгічным балконам”, даючы “стратэгічную глыбіню” для расійскай абароны і магчымасць пагражаць суседзям Беларусі. Яшчэ нейкі час для Расіі былі істотныя энергапровады, якія звязвалі Расію з Захадам. Цяпер гэта стала нерэлевантна ў сувязі з абмежаваннямі, уведзенымі Еўрапейскім Саюзам на пастаўку расійскіх энергарэсурсаў.

Калі ж казаць пра залежнасці Беларусі, то мы іх будзем разглядаць у чатырох сферах: палітычнай, эканамічнай, у сферы абароны і грамадскай (у меркаваным дакуменце Крамля аб мэтах палітыкі Расіі ў дачыненні да Беларусі апошні напрамак называецца гуманітарным).

Палітычныя залежнасці

Устойлівасць беларускай палітычнай сістэмы залежыць ад Крамля. Асабліва гэта заўважна ў часах палітычнага крызісу – ці 1996 году, ці 2020 году. Без прызнання Расіяй рэжым Лукашэнкі не змог бы існаваць. Пры гэтым для Крамля існаванне рэжыму Лукашэнкі гэта хутчэй “здзелка” з мясцовым аўтакратам, чымся ягоная марыянеткавая крэатура, пра што сведчыць тое, што Лукашэнка пэўны час меў магчымасць праводзіць адносна самастойную знешнюю палітыку.

Аднак гэтыя магчымасці значна зменшыліся на фоне масавых рэпрэсій, якая распачаліся ў 2020 годзе і саўдзелу Беларусі ў расійскай вайне супраць Украіны. Гэта паглыбіла яшчэ большую залежнасць у сферы міжнароднай палітыкі, хоць Беларусь і так павязаная шматлікімі пагадненнямі з Расіяй і ўдзелам у расійскіх інтэграцыйных праектах такіх як Саюзная дзяржава, Еўразійскі эканамічным саюз, Арганізацыя дамовы аб калектыўнай бяспецы, Садружнасць незалежных дзяржаў.

Вялікай залежнасцю Беларусі ад Расіі з’яўляецца ейны ўплыў на беларускія кіруючыя эліты. Многія беларускія чыноўнікі працуюць пасля сканчэння сваёй чыноўніцкай кар’еры ў расійскіх кампаніях. У выпадку людзей з сілавога блоку мае значэнне, што многія людзі з гэтых дзяржорганаў навучаліся ў Расіі і маюць доўгія сувязі са сваймі расійскімі калегамі. Ды і выглядае імаверным, што пераемнік Лукашэнкі будзе прынамсі ўзгадняцца з Крамлём.

Кантакты Расіі з дэмакратычнымі сіламі Беларусі цяпер вельмі малыя – хутчэй за ўсё адсутнасць кантактаў з’яўляецца часткай дамоўленасці паміж Лукашэнкам і Крамлём. Але гэта не значыць, што беларускі прадэмакратычны клас у будучыні заўжды будзе выключна антыкрамлёўскім.
Эканамічныя залежнасці
Эканомікі Беларусі і Расіі паміж сабой сінхранізаваныя. Звычайна калі расце расійская эканоміка, тады расце і беларуская.

Беларусь амаль цалкам залежыць ад Расіі ў плане паставак газу, нафты і ўрану (неабходнага для АЭС пабудаванай РосАтомам). Нізкая цана энергарэсурсаў, якую часта называюць “энергетычнай субсідыяй”, забяспечвае адносную канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў.
Прыкладна дзве траціны ад аб’ёму гандлю Беларусі – гэта гандаль з Расіяй, а для шэрагу тавараў Расія з’яўляецца цяпер не толькі галоўным, але і адзіным рынкам збыту. Зразумела, што і эканамічная кааперацыя як абмен тэхналогіямі ў выпадку беларускіх прадпрыемстваў адбываецца перадусуім з расійскімі кампаніямі.

Паколькі Аляксандр Лукашэнка з’яўляецца праціўнікам прыватызацыі, гэта дазволіла захаваць большую суверэннасць ва ўласнасці ў эканоміцы ў параўнанні з іншымі сферамі. Аднымі з найбуйнейшых расійскіх актываў у Беларусі знаходзяцца ў энергетычнай сферы і банкаўскай.
Большая частка дзяржаўнага доўга Беларусі – гэта доўг перад Расіяй і Расія з’яўляецца галоўным інвестарам у Беларусі.

Паводле падлікаў Еўразійскай эканамічнай камісіі, ад 200 да 450 тысяч беларусаў працавала ў Расіі ў 2020 годзе.

Яшчэ адной важнай залежнасцю ад Расіі з’яўляецца залежнасць ад расійскай транзітнай інфраструктуры. Пасля страты доступу да партоў у краінах ЕС і Украіне Беларусь выкарыстоўвае менш зручныя расійскія парты альбо выкарыстоўвае чыгуначнае злучэнне.

Таксама Крэмль павялічвае залежнасць Беларусі праз эканамічную інтэграцыю – у межах ці то Саюзнай дзяржавы, ці то Еўразійскага эканамічнага саюзу – праз паглыбленне эканамічных сувязяў і гарманізацыю прававых нормаў.
Залежнасці ў сферы бяспекі
Расія мае шырокую вайсковую прысутнасць у Беларусі. У дадатак да двух ваенных аб’ектаў у Вілейцы і Ганцавічах, якія былі атрыманыя Лукашэнкам у спадчыну, афіцыйныя ўлады Беларусі і Расіі развіваюць практыку стварэння супольных практычна-навучальных цэнтраў, а таксама на тэрыторыі Беларусі размешчаная расійская тактычная ядзерная зброя.

Сухапутныя войскі і Сілы спецыяльных аперацый Беларусі ўваходзяць у склад Рэгіянальнай групоўкі войск Беларусі і Расіі, а Ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны ў склад адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА Расіі і Беларусі. То бок фармальна беларускія войскі знаходзяцца пад супольным камандаваннем. Галоўныя практыкаванні, у якіх удзельнічаюць беларускія вайскоўцы, – гэта расійская-беларускія практыкаванні. Штогод сотні беларускіх вайскоўцаў праходзяць навучанне ў расійскіх універсітэтах.

Ваенна-прамысловы комплекс краін шчыльна ўзаемазвязаны, большая частка вайсковага абсталявання ў Беларусі савецкага ці расійскага паходжання, то бок і мадэрнізацыя іх часта вымагае супрацы з Расіяй. Для беларускага ВПК Расія з’яўляецца найбуйнейшым рынкам, тым болей падчас вайны.

Расійскія і беларускія спецслужбы паміж сабой супрацоўнічаюць і паколькі дзяржавы з’яўляюцца найбліжэйшымі саюзнікамі. Што публічна невядома, але пры гэтым многія вераць, што некаторыя з беларускіх спецслужбістаў працуюць у тым ліку на Расію і таксама, што паколькі беларускія спецслужбы маюць абмежаваныя магчымасці працы за мяжой, яны часта атрымліваюць і карыстаюцца інфармацыяй, якой з імі дзеляцца прадстаўнікі расійскіх спецслужбаў.
Грамадскія залежнасці
Беларусы падзеленыя ў сваіх знешнепалітычных перавагах, пры гэтым саюз з Расіяй застаецца папулярным у грамадстве. Болей за тое, 38% беларускіх гарадскіх жыхароў лічыць, што Беларусь не выжыве без расійскай дапамогі.

Руская мова мае статус другой дзяржаўнай, але ў практыцы з’яўляецца асноўнай і дамінуе ў грамадскім жыцці Беларусі. Пры гэтым большасць беларусаў не хочуць, каб беларуская мова мела статус адзінай дзяржаўнай. Для значнай часткі прадстаўнікоў беларускай масавай культуры Расія з’яўляецца асноўным рынкам, які прыносіць прыбыткі.

Расіяйскія дзяржаўныя тэлеканалы маюць вялікі ўплыў на беларускую інфармацыйную прастору, як і рунэт (сайты, навінавыя агрэгатары, сацыяльныя сеткі).

Беларуская праваслаўная царква з’яўляецца кананічным падраздзяленнем РПЦ маючы статус экзархату, то бок яна наўпрост падначаленая да РПЦ (ніжэйшы статус мае толькі адна замежная царква – Казахстанская, якая з’яўляецца мітрапаліцкай акругай). Масавыя рэпрэсіі 2020-2022 гг. прывялі да змяншэння колькасці прабеларускіх дзеячаў унутры гэтай царквы, а на фоне расійскай вайны супраць Украіны ўзмацніліся пазіцыі тых, хто актыўна гэтую вайну падтрымлівае і адпаведна прасоўвае расійскія наратывы.

Сектар пракрамлёўскіх грамадскіх арганізацый у Беларусі развіты слаба. Паміж 2014 і 2020, калі стасункі паміж Менскам і Масквой былі нацягнутыя, то Расія больш інвеставала ў сваю сетку НДА. Пасля 2020 году, калі Лукашэнка стаў больш паслухмяным у стасунках з Расіяй, то неабходнасць у існаванні гэтай сеткі, значна зменшылася.

Што пачытаць па тэме

  1. Алесь Аляхновіч, Як кіраваць эканамічнай залежнасцю ад Расіі https://newbelarus.vision/economic-dependence/
  2. Andrzej Wilk, Russia's Belarusian army. The practical aspects of Belarus and Russia's military integration, https://www.osw.waw.pl/sites/default/files/OSW- Report_Russia%E2%80%99s-Belarusian-army_net_0.pdf
  3. Валерия Костюгова, Российско-белорусские отношения: условия, состояние, перспективы https://belinstitute.com/be/article/rossiysko- belorusskie-otnosheniya-usloviya-sostoyanie-perspektivy
  4. Обзоры российско-белорусский отношений Анатолия Паньковского и Валерии Костюговой в “Белорусским ежегоднике”. Ссылка на последний ежегодник: https://nmnby.eu/yearbook/2022/page7.html