Беларусь сёння:
паміж Хайнанем і Варшавай
2024
ЯНА ЗАЙДЭЛЬ-ВОЛЬСКАЯ
За амаль 30 гадоў незалежнасці Беларусь прайшла шлях ад постсавецкай краіны з ухілам у бок дэмакратыі да павароту ў бок дыктатуры і таталітарнага ладу. Які арыенцір мае краіна цяпер і ў які бок можа рушыць у бліжэйшай будучыні?
Беларусь – нашчадак камунізму і краіна-агрэсар
Распад СССР у 1991 годзе з аднаго боку прынёс Беларусі незалежнасць, з іншага – пакінуў камуністычную спадчыну, а разам з ёй постсавецкую наменклатуру, настальгію, і паступова прывёў да аўтарытарызму і камандна-адміністратыўнай эканомікі. І, калі грамадства ў 1990-я галасавала за будучыню і кандыдата з народу, які абяцаў разабрацца з карупцыяй і «кожнаму па 500», то ўжо ў 2020-я народ памяняўся і ўбачыў, што «кароль голы». Пасля такога выкрыцця і нечаканай для самаабранага лідара рэвалюцыі, ён пачаў жорстка распраўляцца з іншадумцамі і шукаць падтрымкі ў падобных сабе – пост альбо камуністычных правадыроў і іхных сатэлітаў: у Расеі, Кітаі, Афрыцы.

Поўнамаштабная вайна, якую распачаў найбліжэйшы партнёр і сусед у 2022 годзе супраць Украіны, наогул справакавала статус краіны-агрэсара (паводле рэзалюцыі 3314 Генеральнай Асамблеі ААН ад 14 снежня 1974 года праз прадстаўленне сваёй тэрыторыі для перасоўвання вайсковых сілаў і тэхнікі).

Гэты кактэйль, прыпраўлены мігранцкім крызісам на заходніх межах і густа пасыпаны санкцыямі, абярнуўся для Беларусі галаўным болем і стратай статуса гаранта рэгіянальнай бяспекі, які краіна мела з 2015 года і ўдалага манеўру з «мінскімі пагадненнямі».
Беларусь – сябра еўрапейскай дэмакратыі і краіна-кандыдат у ЕС
У 2004 годзе другі блізкі сусед Беларусі, Польшча, перажыла знамянальную падзею – уваход у склад ЕС. Папа Рымскі Ян Павел ІІ адзначыў гэтую ўрачыстасць так: «Ад Люблінскай да Еўрапейскай уніі». Прыгожы вобраз. З гісторыі мы ведаем, што ў 1569 годзе ВКЛ і Польшча ўтварылі адну дзяржаву – Рэч Паспалітую.

На хвіліну спынімся і ўзгадаем, што тагачаснае ВКЛ улучала і беларускія землі! Ці значыць гэта, што і Беларусь мае дачыненне да еўрапейскіх каштоўнасцяў, дзяржаўнасці і дэмакратыі? Мы можам лёгка прыгадаць першадрукара Францішка Скарыну, аўтара «Песні пра зубра» Міколу Гусоўскага, «залатыя часы» ВКЛ, калі дзяржаўнае справаводства вялося па-беларуску. А да ўсяго, колькі разоў мы чулі, што Беларусь – гэта цэнтр Еўропы?

Але ці гэта сапраўды так? Ад сталіцы Беларусі, Мінска, да кітайскага Хайнаня больш за 7700 км, ад Мінска да Варшавы – менш за 600 км. У першым выпадку зараз шлях займае каля 10 гадзін (стала вядома, што з 25 траўня з Мінска ў Хайнань двойчы на тыдзень будзе курсіраваць самалёт), а ў другім ад 10 гадзін і як пашанцуе, пры гэтым час не залежыць ад нацыянальнай свядомасці беларускіх пасажыраў аўтобуса Minsk Minsk – Warszawa Zachodnia.

Дык ці можам мы ўжо цяпер разважаць пра тое, што Беларусь мае еўрапейскія карані і можа прэтэндаваць калі-небудзь на статус краіны-кандыдата ў Еўрасаюз? А вось гэта ўжо адкрытае пытанне да беларускага грамадства, да падзеяў гістарычна-палітычнага лёсу краіны.

Які вектар у будучай перспектыве апынецца для Беларусі найбольш блізкім – 7,700 км да Хайнаня разам са спадчынай камуністычнай імперыі, вайсковымі базамі, кантраляванымі суседняй краінай і цьмянай упэўненасцю ў захаванні незалежнасці, альбо 600 км да Варшавы, вяртанне сабе еўрапейскага мінулага і паступовы шлях у сямʼю дэмакратычных краінаў.

Ці прагучаць калісьці для Беларусі словы: «Ад Люблінскай да Еўрапейскай уніі»? Альбо для Беларусі падрыхтаваныя словы «Ад трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай да падзелу паміж Расеяй і Кітаем»?

Пакуль на гэтыя пытанні няма адказу. Пакуль Беларусь на раздарожжы.
У якасці высновы нам варта зразумець, што будучы гістарычны выбар у руках беларусаў, а адказ на пытанні наўпрост залежыць ад падзеяў унутры краіны і яе палітычнага курса. Калі мы, беларусы, хочам еўрапейскай будучыні для Беларусі, то працаваць над ёй нам трэба ўжо цяпер, стараючыся адшукаць дыялог і падтрымку найперш у нашых самых блізкіх заходніх суседзяў.